
Ноч. Віленскае вакно з шырокім падваконьнем. Батл портэра. Дом. Дом...
Адною з самых значных рэчаў, якіх найбольш баяцца людзі - зьяўляецца страх стаць бедным і застацца бяз сродкаў для існаваньня. Шматлікія гісторыі людзей з рознымі лёсамі, якім здаецца нічога ў жыцьці не прадказвала апынуцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы, ёсьць доказам таго факту, што нішто ня вечнае, а чалавечае жыцьцё можа зьмяніцца вельмі рэзка, у залежнасьці ад тых ці іньшых абставінаў. Тысячы беспрытульных людзей на вуліцах нашых гарадоў, частка зь якіх выкінутая сыстэмаю, частка самімі ж людзьмі з-за алкаголю часьцей за ўсё, наркаты, ці абыякавага стаўленьня да свайго лёсу, кожны дзень шукаюць магчымасьці, каб выжыць. Хтосьці самастойна абраў гэта шлях, бо яму падалося, што змагацца за жыцьцё цяжэй, чым проста забіць на ўсё й пачаць спускацца ўніз, кагосьці сюды закінулі ўмовы й злыя абставіны.
Некалькі дзён таму, я гуляў з заплечнікам па віленскіх вуліцах у раёне вакзалу, бо да цягніка заставалася яшчэ дастаткова часу. Да мяне падыйшоў малады хлопец гадоў 28-мі з выгляду й папрасіў дапамагчы яму. Я, вядома, адмовіў, бо часьцей за ўсё гэта банальны развод на гарэлку. Тады ён спытаў ці я не беларус і папрасіў яго выслухаць. Я спыніўся й ён мне распавёў кароткую гісторыю й прычыну, па якой ён да мяне вымушаны зьвяртацца.
Хлопца клікалі Робэрт і ён зьбіраў грошы на аплату хаця б аднаго месяцу пражываньня ў доме для беспрытульных. Ён сказаў, што сам беларус з Ашмянаў, але жыве ў Летуве, дзе ў яго ўжо нікога няма, а ў Беларусі мае дачку 7-мі год (да якой так хоча паехаць), былую жонку й нейкіх далёкіх родных. На пытаньне, якім чынам ён нетутэйшы апынуўся ў Вільні бяз сродкаў для існаваньня, Робэрт адказаў, што ў яго тут была маці, якія памерла, пакуль ён сядзеў у турме, зь якой вось нядаўна зусім і вярнуўся. Вельмі прасіў яму таму дапамагчы, пераконваючы мяне як яму патрэбныя грошы й распавядаючы, як ён ужо стаміўся ночыць па пад'ездах. Бо ў цэнтар для беспрытульных, які бясплатны, ён нават ісьці ўжо баіцца пасьля непрацяглага жыцьця там, нібыта гэта поўнае пекла й нават калі толькі схадзіць у душ, дык трэба запісвацца мін. за тыдзень. Робэрт казаў таксама, што ня п'е, не прыймае наркотыкі (гэта было дарэчы заўважна, я, на жаль, калі чалавек бухае вызначаю адразу, наглядзеўся), і просіць выключна на магчымасьць яму вярнуцца да жыцьця. Я сказаў, што грошы я яму наўрацьці дам, але калі ён хоча есьці й штосьці набыць, мы зможам зганяць у краму ці кавярну. Набылі крыху ежы, з усіх астатніх прапановаў ён захацеў толькі папіць кавы з чым-небудзь, бо вымак і было халодна. Зь іх грошай, у мяне засталося толькі пару літаў, якія яму й пакінуў. Мы крыху паразмаўлялі й я выказаў жаданьне завітаць зь ім у цэнтар якраз той, на які яму не хапала рэсурсаў. Будні дзень, але а шостай гадзіне будынак выглядаў дастаткова пустым. Я яшчэ памятаю ўзгадаў якраз апісаньне такіх месцаў з "Фунты ліха ў Парыжы й Лёндане" Оруэла. Знайшлі ў выніку нейкую маладую дзяўчыну, якая не размаўляла на славянскіх мовах, і таму дамаўляліся мы ўтрох. Я зь ёй па-ангельску, яна з Робэртам па-летувіску, я з Робэртам пасьля па-беларуску. У выніку высьветлілася, што нават калі б я хацеў адразу аплаціць месяц пражываньня хлопца ў цэнтры, я б гэта ня здолеў зрабіць, паколькі аплату яны прыймаюць толькі пасьля праходжаньня мэд.камісіі, якая ,вядома, пацьвярджае адсутнасьць хваробаў, і чамусьці праз месяц. Я тады падумаў, што тады атрымоўваецца, нібыта можна прайсьці тэсты й жыць 30 дзён, знайшоўшы працу й пасьля аплаціць гэтую хрэнь (грошы зусім зусім невялікія). У выніку дзяўчына дала мне візітоўку з адрэсай, на якую я, калі б хацеў дапамагчы Робэрту, праз пару дзён мог даслаць грошы, папярэдне вядома пацікаўшыся, ці прайшоў хлопец мэд.тэсты й ці прыходзіў ён да іх. А на той момант, я ніяк ня мог яму дапамагчы. Калі мы ўдвох сыходзілі, дзяўчына выйшла ў калідор і папярэдзіла мяне па-ангельскую, якую Робэрт не разумеў, што трэба быць асьцярожным, бо шмат людзей тут па-просту падманваюць і каб я праверыў, ці сапраўды яму патрэбная гэтая дапамога.
Мы разьвіталіся каля вакзалу. Я пайшоў на свой цягнік з думкамі аб усім гэтым. А Робэрт у нейкі невядомы мне бок, магчыма ў свой пад'езд, а магчыма...
Вось зараз сяджу й думаю, ці патрэбная сапраўды дапамога гэтым дарослым здаровым людзям, нават калі б яны абсалютна шчыра яе прасілі. Я, вядома, пацікаўлюся ці прайшоў ён тыя мэдычныя тэсты, але ўжо вось зараз, празь некаторы час, мне здаецца, што я атрымаю адмоўны адказ. Дай Божа, каб я памыляўся й няхай усё абавязкова будзе добра ў Робэрта з Ашмянаў, які так пераканаўча мне сьцьвярджаў, што яго прозьвішча на -іч- насамрэч зьяўляецца польскім.
п.с. У турму Робэрт патрапіў за тое, што з-за сваркі зьбіў нейкага чувака й са злосьці адабраў у яго гаманец. У выніку гэта кваліфікавалі як разбой.